Беларуская Служба

«У Польшчы ў нас тут аддушына» — беларуска Марыя пра эміграцыю і новае жыццё

26.01.2025 06:04
У эміграцыі яна адчула сябе мацнейшай. А яшчэ вельмі хочацца, каб скончылася вайна і каб у Беларусі наступілі пазітыўныя змены і не стала палітвязняў.
Аўдыё
  • «У Польшчы ў нас тут аддушына» — беларуска Марыя пра эміграцыю і новае жыццё
Старая частка польскага гораду Познаньфота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Пачатак быў не просты

Марыя разам з сям’ёй пераехала ў Польшчу амаль тры гады таму. У Беларусі працавала ў турфірме, а тут знайшла працу прадавачкай у краме. Згадвае, што ў той час быў вялікі наплыў украінскіх уцекачоў, што стварала пэўныя праблемы з пошукам кватэры і працаўладкаваннем.

– Калі мы прыехалі, адразу засяліліся да нашых сяброў. Яны вельмі нам дапамаглі з пошукам жылля, з дакументамі, што дазволіла зэканоміць нам час і грошы. Я вельмі ўдзячная гэтым людзям. Для мяне гэта ўсё было цяжка, але тады на вуліцы стаяла лета, добрае надвор’е, а мы – такія людзі, што любім нешта новае. Дзеці асабліва не давалі расслабіцца, таму кожны дзень раніцай уставалі і займаліся рознымі клопатамі. Пачатак быў не просты.

Часам і цяпер накатвае сум…

Але неўзабаве муж пайшоў працаваць, паколькі яшчэ перад тым, як пераехаць, шукаў працу ў Польшчы, спісваўся з рознымі фірмамі. У спадарыні Марыі сітуацыя была больш складаная: ёй амаль паўгода давялося быць дома з дзецьмі. Затым пайшла проста займацца прыборкай, а пазней знайшла вакансію ў краме і працуе на касе прадавачкай, нягледзячы на тое, што мае вышэйшую адукацыю.

– Пачуцці былі розныя. З аднаго боку, я такі чалавек авантурыстычны, люблю нешта новае, незвычайнае, і для мяне было цікава, як я магу справіцца з такімі выклікамі. Мы з мужам – такая добрая, дружная каманда. Удваіх вырашаем усе складаныя пытанні, але часамі накатваў такі сум: што, куды, навошта мы тут адныя, з дзецьмі, без бабуль і дзядуль, без ніякай дапамогі? І зараз часамі такое здараецца, але побач з намі былі і застаюцца нашы сябры, якія не даюць нам раскіснуць, таму ўсё добра. Калі што, мы выцягваем сябе, як той Мюнхаўзен, за валасы з тых дэпрэсіўных станаў і не даем адзін аднаму з мужам упасці. Цяжка, але трымаемся.

Стараюся, як магу

Марыя кажа, што ў яе сітуацыі добра наогул мець працу, і ёй не крыўдна, што даводзіцца працаваць не згодна са сваёй кваліфікацыяй. Маўляў, ва ўсім імкнецца знаходзіць нешта станоўчае. Больш за тое, гэтая праца дазволіла ёй значна падцягнуць свае веды ў польскай мове.

– Я заўсёды імкнуся шукаць плюсы ў дадзенай сітуацыі. Магу тут практыкаваць польскую мову, знаёмлюся з палякамі, з іх культурай. Недзе на ўзроўні В1 я валодаю мовай, звычайна ўсё разумею, але не заўсёды пакуль магу выказаць свае думкі. Але ў мяне ніколі з гэтым не было ніякіх праблем з кліентамі. Былі смешныя сітуацыі, калі кліенты пытаюцца пра нейкую рэч, а я не магу зразумець, пра што ідзе гаворка. Напрыклад, не ведала, як па-польску «таўкач для бульбы». Тады спрабую ўдакладняць, з гумарам стаўлюся да гэтага, і людзі мне адказваюць тым самым. Нават робяць кампліменты, што я такая малайчынка і размаўляю па-польску. Стараюся, як магу.

– Але ў вас даволі цяжкая праца…

– Так, цяжкая. І фізічна, і эмацыйна стамляюся ад таго, што цэлы дзень толькі польская мова, і ў канцы дня замест сказаць «так» часам кажу «да».

Дзеці размаўляюць па-польску, маюць сяброў

Тым не менш, суразмоўца кажа, што праца дае ёй магчымасць больш упэўнена глядзець у заўтрашні дзень. Ды і не адной працай яны жывуць з мужам, бо душа таксама патрабуе цеплыні.

– У Польшчы ў нас тут аддушына. Ходзім на розныя канцэрты, выставы, прадстаўленні. Тут у нас вялікая беларуская дыяспара са шматлікімі ініцыятывамі. Кожны тыдзень можаш выбіраць, куды табе ісці. Я хаджу спяваць народныя песні, хаджу танцаваць народныя танцы. Летам вакол горада мноства азёраў. Ездзілі мы і ў горы, і на мора, таму сумаваць не даводзіцца, бо заўсёды нешта знаходзіцца. Асабліва, калі трэба неяк пазабавіць дзяцей.

Што датычыцца дзетак, то, паводле суразмоўцы, ім адаптавацца было, напэўна, лягчэй.

– Мы - сям’я рускамоўная, і польская мова для іх была зусім незнаёмая, але ім спатрэбілася недзе паўгода, каб пачаць разумець мову, пасябраваць у садку. Яны ўжо спакойна размаўляюць па-польску і, калі нават новыя дзеткі прыходзяць у групу з Украіны, то тлумачаць і дапамагаюць адаптавацца. Старэйшая дачка ўжо пайшла ў першы клас, мае сябровак. Мы ў сваю чаргу пасябравалі з бацькамі сяброўкі, ходзім адно да аднаго ў госці. Яны нават запрашалі нас на лецішча. Вельмі адкрытых людзей сустракаем, і ў нас добра адаптацыя ідзе.

Упэўненасці ў заўтрашнім дні пакуль няма

Пытаюся ў суразмоўцы, ці будуюць яны нейкія планы на будучыню? Марыя кажа, што пакуль не зусім упэўнена сябе адчувае, каб будаваць доўгатэрміновыя планы. Кватэру пабудаваць яны пакуль не могуць, бо не стае грошай, кошты на ўсё растуць, а заробкаў большых сям’я пакуль не мае.

– Зрэшты, і ў Беларусі ў нас такой упэўненасці не было. Мы мелі сваю кватэру, бацькі побач, якія заўсёды могуць падтрымаць, але я не магу сказаць, што я на 100% была ўпэўненая. Ну можа больш, чым тут, але не на 100%. Ніколі не ведалі, што будзе заўтра, а тут яшчэ вайна пачалася – якая тут упэўненасць. Лягчэй было матэрыяльна, але не на душы. Спакойней не было.

Па радзіме, паводле слоў спадарыні, яны сумуюць, не стае блізкіх людзей, але з іншага боку ёй хочацца, каб дзеці атрымалі еўрапейскую адукацыю. І нават калі наступяць спрыяльныя абставіны, то ўжо давядзецца добра падумаць, ці вяртацца дадому, бо дзеці вучацца ўжо тут.

А яшчэ яна кажа, што ў эміграцыі адчула сябе мацнейшай. Зразумела, што яны з мужам даволі смелыя людзі і на многае ў гэтым жыцці здольныя. А яшчэ ёй вельмі хочацца, каб скончылася вайна і каб у Беларусі наступілі пазітыўныя змены і не стала палітвязняў.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы